Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў правёў 16 лістапада 2023 года прыём грамадзян у Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Да кіраўніка кантрольнага ведамства звярнуліся жыхары Мінска, Брэста і Мінскай вобласці, а таксама прадстаўнікі юрыдычнай асобы.
Так, да кіраўніка кантрольнага ведамства звярнулася мінчанка па пытанні прыняцця ў эксплуатацыю самавольна рэканструяванага нежылога збудавання пад жылы дом. Падчас прыёму Старшыня КДК і прадстаўнікі мясцовых органаў растлумачылі ёй алгарытм і паслядоўнасць дзеянняў з улікам змен у зямельным заканадаўстве са студзеня 2023 года.
Каля двух гадоў жыхарка г.Барысава не можа вырашыць пытанне з вентыляцыйнымі каналамі ў сваёй кватэры. Паводле слоў наведвальніцы, праектная дакументацыя на жылы дзевяціпавярховы дом адсутнічае, пры абследаванні вентыляцыйных каналаў выяўлена парушэнне іх цэласнасці, што адмоўна ўплывае на паветраабмен, а таксама садзейнічае з'яўленню старонніх пахаў.
Наведвальнік з г.Брэста падзяліўся з кіраўніком кантрольнага ведамства сваімі прапановамі па паляпшэнні работы ветэранскіх арганізацый, правядзенні выхаваўчай работы ў працоўных калектывах і іншых пытаннях грамадска-палітычнага характару.
З прадстаўнікамі адной з устаноў Нацыянальнай акадэміі навук абмяркоўвалася пытанне кампенсацыі ў бюджэт грашовых сродкаў, выдаткаваных гэтай установай для набыцця комплексу, які планаваўся для выкарыстання ў навуковых распрацоўках, але не быў задзейнічаны.
На прыёме таксама ўзнімаліся пытанні ўкамплектаванасці кадрамі медыцынскіх устаноў, выкарыстання зямельных участкаў у водаахоўнай зоне, парадку ўвекавечання памяці ў назвах вуліц.
У ходзе прыёму ўсе агучаныя пытанні былі разгледжаны з удзелам прадстаўнікоў Камітэта дзяржкантролю, жыллёва-камунальных і праектных арганізацый. Васіль Герасімаў прапанаваў варыянты вырашэння агучаных праблем у рамках заканадаўства.
Усе звароты ўзяты на кантроль КДК.
Усе навіны