Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Вышэйшымі органамі фінансавага кантролю Беларусі і Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2022 год

14.06.2023
Вышэйшымі органамі фінансавага кантролю Беларусі і Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2022 год
На сумесным пасяджэнні калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2022 год. Мерапрыемства прайшло ў Санкт-Пецярбургу пад старшынствам кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава і выконваючай абавязкі старшыні Падліковай палаты Расіі Галіны Ізотавай.

Старшыня КДК Беларусі Васіль Герасімаў адзначыў, што ва ўмовах жорсткага знешняга націску важна засяродзіць сілы і сродкі на найбольш прыярытэтных напрамках, аптымізаваць расходы саюзнага бюджэту на карысць мерапрыемстваў, аддача ад якіх дасць максімальна запатрабаваны вынік. «На пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета ў красавіку бягучага года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі прадметна разгледжаны стан спраў на прыярытэтных напрамках будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і адобраны шэраг рашэнняў па паглыбленню інтэграцыйных працэсаў. Таму вынесеныя на парадак дня пасяджэння пытанні павінны разглядацца праз прызму стратэгічных задач, якія стаяць перад нашымі краінамі», - дадаў Васіль Герасімаў.

Праведзенай кантрольнымі органамі Беларусі і Расіі знешняй праверкай пацвярджаюцца даныя справаздачы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2022 год па даходах і расходах. Вынікі праверкі паказалі, што фінансавая дысцыпліна пры выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы павышаецца. Такая дынаміка адзначаецца цягам некалькіх апошніх гадоў.

У ходзе праверкі выяўлены шэраг недахопаў, звязаных з няпоўным асваеннем бюджэтных сродкаў.

Асноўная частка сродкаў саюзнага бюджэту накіроўваецца на рэалізацыю сумесных мерапрыемстваў і праграм. Кантрольныя органы не раз адзначалі працяглую працэдуру распрацоўкі і ўзгаднення праграм. Гублялася актуальнасць і прапускаўся час. Цяпер па прапанове Камітэта і Падліковай палаты нарматыўна замацаваны гранічныя тэрміны распрацоўкі праграм, зменена грувасткая працэдура распрацоўкі канцэпцыі праграм. Ёсць вынік. На 2023 год прыняты да рэалізацыі 3 новыя праграмы, у высокай ступені гатоўнасці знаходзяцца праекты яшчэ 3 праграм (у 2022 годзе рэалізоўвалася 4 праграмы). Расходы на іх рэалізацыю складуць 46% саюзнага бюджэту.

Камітэт дзяржкантролю Беларусі і Падліковая палата Расіі адзначылі, што дзяржаўным органам дзвюх краін трэба больш актыўна выкарыстоўваць такі фармат мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы як праекты (аналаг праграм, але разлічаны на больш кароткія тэрміны - да 3 гадоў). З мінулага года па ініцыятыве кантрольных ведамстваў пашыраны напрамкі праектаў (раней яны рэалізоўваліся толькі ў сферы адукацыі і культуры). Прынятыя меры павінны стаць стымулам для міністэрстваў і ведамстваў да больш актыўнай работы ў рамках Саюзнай дзяржавы.

З улікам даручэнняў Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі таксама патрэбна перафарматаванне інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Далейшае развіццё павінна ісці шляхам стварэння сучаснага медыяхолдынга, які ўключае тэлерадыёвяшчанне, інтэрнет-каналы, друкаваныя выданні.

Таксама на пасяджэнні разгледжаны пытанні распараджэння маёмасцю, створанай у выніку рэалізацыі праграм, праектаў і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы, а таксама механізм уліку ўласнасці Саюзнай дзяржавы, сумеснага выкарыстання аб'ектаў маёмасці і ўкаранення атрыманых вынікаў.  
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.