Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Уладальніца буйнога бізнесу па здачы ў арэнду нерухомасці недаплаціла больш за мільён рублёў падаткаў

11.09.2023
Уладальніца буйнога бізнесу па здачы ў арэнду нерухомасці недаплаціла больш за мільён рублёў падаткаў
Фінансавай міліцыяй Віцебскай вобласці спынена супрацьпраўная дзейнасць уладальніцы сямейнага бізнесу па здачы ў арэнду камерцыйнай і жылой нерухомасці. Сям'і бізнесменаў належаць 45 аб'ектаў нерухомай маёмасці, у тым ліку зямельныя ўчасткі, офісы, склады, гандлёвыя і дапаможныя памяшканні, кватэры, размешчаныя на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей.

Устаноўлена, што жанчына вядзе свой бізнес з 2001 года. На працягу многіх гадоў яна была зарэгістраваная ў якасці ІП і прымяняла спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Аднак набыццё новых аб'ектаў нерухомасці і здача іх у арэнду прывялі да таго, што выручка прадпрымальніцы стала перавышаць гранічны парог, устаноўлены для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП). З мэтай мінімізацыі падаткаў па ініцыятыве жанчыны пачынаючы з 2014 года паэтапна ў якасці ІП былі зарэгістраваны яе бліжэйшыя сваякі (муж, ягоны брат, сыны). Каб падзяліць паміж імі выручку па дамовах дарэння размяркоўваліся аб'екты.

Больш за тое, здачу ў арэнду аб'ектаў нерухомасці ажыццяўляла нават швейная майстэрня, якая таксама належыць гэтай сям'і. Праз яе рэквізіты афармляліся здзелкі па арэндзе. Прычына ўсё тая ж - штучны падзел аб'ектаў нерухомасці і атрыманай ад іх здачы ў арэнду выручкі.

У выніку прымянення супрацьпраўнай схемы ўладальніца бізнесу ўхілілася ад выплаты падаткаў на суму больш за 1 млн. рублёў.

Упраўленнем Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Віцебскай вобласці па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.243 КК Рэспублікі Беларусь. Накладзены арышт на 45 аб'ектаў нерухомасці агульным коштам больш за 21 млн. рублёў.

Усе фігуранты крымінальнай справы далі прызнальныя паказанні. У добраахвотным парадку ў бюджэт кампенсаваны прычынены ўрон на суму 1 млн. рублёў.  
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.