У рамках кантролю за выкананнем даручэнняў Кіраўніка дзяржавы Васіль Герасімаў сёння разгледзеў пытанні, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў ураганных вятроў, якія прайшлі ў ліпені па тэрыторыі рэспублікі.
Як далажыў Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, аб'ём пашкоджанай драўніны склаў 6,3 млн. м3 на плошчы больш як 46 тыс. га. Найбольш пацярпелі лясы ў Гомельскай (4,8 млн. м3) і Магілёўскай (1,1 млн. м3) абласцях.
Прэзідэнтам даручана завяршыць работы па нарыхтоўцы і ачыстцы лесасек на суцэльных санітарных рубках да 1 лістапада бягучага года, каб у далейшым забяспечыць правядзенне своечасовага і якаснага лесааднаўлення. Для распрацоўкі буралому Мінлясгасам задзейнічана больш за 4 тыс. чалавек, прыцягнута каля 6,8 тыс. адзінак тэхнікі. Гэта дазволіла за паўтара месяца нарыхтаваць амаль 2 млн. м3 пашкоджанай драўніны.
У той жа час Камітэтам дзяржкантролю падчас кантрольных мерапрыемстваў выяўлены шэраг праблем і недахопаў, якія ўплываюць на тэмпы работ па распрацоўцы буралому. Наяўныя праблемныя пытанні былі разгледжаны ў ходзе сённяшняга даклада Міністра лясной гаспадаркі.
Акрамя таго, абмеркаваны пытанні рэалізацыі прадукцыі дрэваапрацоўкі арганізацый Мінлясгаса на гандлёвых пляцоўках «Лясны домік», пытанні экспарту прадукцыі і выканання сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, пажарная абстаноўка ў лясах і інш.
Уся актуальная інфармацыя - у тэлеграм-канале КДК
Усе навіны