Прыпіскі неадпрацаваных вучэбных гадзін, незаконнае налічэнне заработнай платы і прэмій выяўлены Камітэтам дзяржкантролю Гомельскай вобласці ў дзіцячых школах мастацтваў Рэчыцкага раёна пры праверцы выкарыстання сродкаў бюджэту.
Так, сем настаўнікаў Васілевіцкай дзіцячай школы мастацтваў у 2017-2019 гадах не адпрацоўвалі сваю педагагічную нагрузку, аднак рэгулярна запаўнялі журналы заняткаў і нават выстаўлялі вучням ацэнкі.
Напрыклад, у Ведрычскiм філіяле дзіцячай школы мастацтваў трое настаўнікаў, якія пражываюць у г. Рэчыцы, практычна штодня ад'язджалі дадому на рэйсавым аўтобусе ў 16.30 (у сувязі з адсутнасцю іншага транспарту), хоць па раскладзе павінны былі праводзіць урокі да 18.00-20.00. У выніку вучэбная нагрузка выконвалася толькі на 50-75%.
Аналагічныя факты ўстаноўлены ў класах Васілевіцкай дзіцячай школы мастацтваў, размешчаных у н.п. Зашчэб'е і Бабічы. Чатыры настаўнікі адпрацоўвалі толькі 38-86% сваёй вучэбнай нагрузкі: не праводзілі да 10 гадзін у тыдзень, аднак адзначалі іх у журнале заняткаў згодна з раскладам.
У выніку прыпісак неадпрацаваных вучэбных гадзін педагогі неабгрунтавана атрымалі з бюджэту больш за 17,9 тыс. рублёў. Пасля ўмяшання Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці незаконна атрыманыя сродкі вернуты ў бюджэт у поўным аб'ёме.
Матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.
Усе навіны