Саюзная дзяржава прадэманстравала свой патэнцыял
Да такой высновы прыйшлі кіраўнікі кантрольных органаў Расіі і Беларусі
Учора ў Мінску адбылося пасяджэнне калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і калегіі Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі, на якім былі падведзены вынікі праверкі выкарыстання саюзных грошай і падпісаны план будучых сумесных мерапрыемстваў.
У цэлым выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы было ўхвалена. На пачатак мінулага года нявыкарыстаныя рэшткі сродкаў бюджэту на рахунках у нацыянальных казначэйствах склалі 380 млн рас. рублёў і зменшыліся за год утрая. У аптымізацыі выканання бюджэту значную ролю сыграла сумесная работа Падліковай палаты і Камітэта дзяржкантролю, адзначыў Старшыня КДК Беларусі Аляксандр ЯКАБСОН. "У апошнія гады мы актыўна працуем не толькі на стадыі наступнага кантролю за выкананнем бюджэту, але і наладзілі сістэмны маніторынг бягучага выкання бюджэту", — падкрэсліў ён.
— Бюджэт Саюзнай дзяржавы выконваецца значна лепш, чым некалькі гадоў таму, — дадаў старшыня Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі Сяргей СЦЯПАШЫН. — Некалі бюджэт выконваўся на 50-60%, у 2010 годзе — амаль на 96%. Ён быў невялікі — каля 6 млрд рас. рублёў, але выконваўся няблага, наведзена фінансавая дысцыпліна, і па гэтай частцы ў нас прэтэнзій няшмат.
Сярод праблем на сумеснай калегіі былі названыя недастатковы ўзровень планавання выдаткаў саюзнага бюджэту і невыкарыстанне поўных аб'ёмаў выдаткаў амаль па ўсіх напрамках. Большая частка гадавых бюджэтных асігнаванняў асвойваецца дзяржаўнымі заказчыкамі ў апошнія два месяцы года. Дзяржзаказчыкі па-ранейшаму часта аказваюцца недастаткова арганізаванымі і падрыхтаванымі да выкання праграм і мерапрыемстваў, тэрміны конкурсных працэдур, заключэння дагавораў і ўзгадненняў каштарысаў зацягваюцца.
Сярод "старых балючых" пытанняў была названа неабходнасць найхутчэйшай дапрацоўкі нарматыўнай базы Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, дагэтуль не ўрэгуляваны пытанні ўліку, ацэнкі і кіравання актывамі Саюзнай дзяржавы, не вызначаны орган кіравання ўласнасцю. Асабліва актуальнай была названа праблема кіравання інтэлектуальнай уласнасцю Саюзнай дзяржавы.
На пасяджэнні асобная ўвага была нададзена саюзным праграмам. Кантрольныя органы назвалі сістэмныя недахопы і парушэнні ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў для іх рэалізацыі: зацягванне тэрмінаў распрацоўкі і зацвярджэння праграм, унясенне ў іх нясвоечасовых змен, адсутнасць якаснага кантролю з боку дзяржаўных органаў, няўзгодненасць паміж галоўнымі іх выканаўцамі ў Расіі і Беларусі.
Шэраг сумесных праграм так і застаўся нерэалізаваным, напрыклад, "Саюзны тэлевізар", які аказаўся нерэнтабельным, і вытворчасці швейных машын, дзе, здавалася б, Саюзная дзяржава магла быць на вышыні. Разам з пеняй і штрафамі за нявыплачаныя крэдыты па спыненых праграмах бюджэт Саюзнай дзяржавы страціў 600 млн рас. рублёў.
У 2011 годзе Камітэт дзяржкантролю і Падліковая палата праверылі мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне сродкаў Саюзнай дзяржавы на рэалізацыю чатырох праграм: "Нанатэхналогія" , "Інфармацыйныя тэхналогіі мытных працэсаў", "Кампазіт" і "Космас".
За выключэннем Мытнага саюза, дзе ўкаранёныя ў выніку рэалізацыі саюзнай праграмы тэхналогіі ўжо далі канкрэтны вынік — дазволілі на 13% павысіць прапускальнасць грузаў, астатнія праграмы Саюзнай дзяржавы знаходзяцца пакуль на стадыі навуковых распрацовак і вывучэння магчымасцяў іх укаранення. Кантроль над гэтымі і іншымі праграмамі Саюзнай дзяржавы будзе працягнуты.
Асаблівую ўвагу кантрольныя органы Расіі і Беларусі надалі тэме рэалізацыі канцэпцыі Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы. Дагэтуль канцэпцыя развіцця ТРА не зацверджана, удакладніў старшыня ТРА Ігар УГОЛЬНІКАЎ. Мінулае кіраўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы выказвалася за аб'яднанне ТРА з тэлеканалам "МІР", які з'яўляецца органам СНД. Між тым вяшчанне ТРА ахоплівае мільёны жыхароў Расіі і Беларусі і мае падставы для асобнага існавання, лічаць кіраўнікі кантрольных органаў. Старшыня КДК Аляксандр Якабсон і старшыня Падліковай палаты Сяргей Сцяпашын прапанавалі выкарыстаць уплыў сваіх ведамстваў для вырашэння гэтага пытання.
ТРА ў сваю чаргу паведаміла пра планы здымак новага мастацкага фільма, які будзе прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны, у прыватнасці, бітве пад Смаргонню.
— Што тычыцца першага сумеснага фільма — "Брэсцкая крэпасць", які быў створаны за саюзныя сродкі, то ён сёння зарабляе грошы, яго з задавальненнем глядзяць людзі, — сказаў Ігар Угольнікаў.