Парадак наведзены не ўсюды
На калегіі Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці адзначана, што ў вобласці праведзена работа па выкананні даручэння Прэзідэнта Беларусі па навядзенні належнага парадку на механізаваных дварах, жывёлагадоўчых фермах, на тэрыторыі іншых сельскагаспадарчых арганізацый.
Сёлета за 9 месяцаў на сельскагаспадарчых землях выдалены хмызнякі на плошчы 1144 гектараў, разараны 432 гектары пустуючых ці зарослых пустазеллем патэнцыяльна ўрадлівых земляў. Дадаткова для нарыхтоўкі кармоў далучана больш за 2 тысячы гектараў няўдобіц, поймаў рэк, адхонаў меліярацыйных каналаў. Знесена 78 непрыдатных да эксплуатацыі жывёлагадоўчых і іншых памяшканняў, пасля чаго землі, якія вызваліліся, былі рэкультываваны.
Пры гэтым Камітэт дзяржкантролю ўказаў на некаторыя недахопы ў падтрыманні парадку. Яны былі выяўлены падчас правядзення ў кастрычніку?лістападзе кантрольных мерапрыемстваў у гаспадарках Жлобінскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Кармянскага, Акцябрскага, Чачэрскага раёнаў. У шэрагу гаспадарак малочнатаварныя фермы захламлены будаўнічым смеццем, не агароджаны, а тэрыторыі, якія прылягаюць да фермаў, зараслі пустазеллем. Не ва ўсіх сельгасарганізацыях падрыхтоўка да зімова?стойлавага ўтрымання жывёлы арганізавана добра. У сельгаспрадпрыемствах "Роўкавічы" і "Батвінава" Чачэрскага раёна ў адрынах не ўцеплены аконныя і дзвярныя праёмы. На малочнатаварнай ферме ў вёсцы Стараград адкрытага акцыянернага таварыства "Кормааграсэрвіс" Кармянскага раёна ў асобных будынках для стойлавага ўтрымання жывёлы адсутнічаюць вароты.
Выяўлены шэраг недахопаў у навядзенні парадку на зернесушыльных комплексах і тэрыторыях вакол іх. Не прыняты належныя меры па навядзенні парадку на машынных дварах і пастаноўцы тэхнікі на захоўванне ў гаспадарках "Іванова Слабада", "Зара Палесся", "Прыбалавічы" Лельчыцкага раёна, "Касакоўскі" Жлобінскага, "Страдубка" Лоеўскага, "Ламовічы" Акцябрскага раёна. Аблсельгасхарчу і райвыканкамам даручана прыняць дадатковыя меры па навядзенні парадку на зямлі, машынных дварах, жывёлагадоўчых фермах, у іншых падраздзяленнях сельгасарганізацый вобласці. За дапушчаныя парушэнні, выяўленыя падчас кантрольных мерапрыемстваў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 45 працаўнікоў арганізацый аграпрамысловага комплексу вобласці.