Настройки
Комитет государственного контроля Республики Беларусь
Галоўная / Звароты грамадзян і юрыдычных асоб / Аб абавязковых патрабаваннях да электроннага звароту

Аб абавязковых патрабаваннях да электроннага звароту

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18.07.2011 № 300-З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” (далей - Закона) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на зварот у арганізацыі шляхам падачы пісьмовых, электронных або вусных зваротаў. Пры гэтым калі зварот толькі набраны на персанальным камп’ютары, раздрукаваны і пададзены ў арганізацыю на папяровым носьбіце, то ён разглядаецца ў якасці пісьмовага звароту.

Электронным зваротам лічыцца зварот заяўніка, які паступіў на адрас электроннай пошты арганізацыі альбо размешчаны на афіцыйным сайце арганізацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт. Не з’яўляюцца электронным зваротам розныя смс-паведамленні, інфармацыя на форумах, створаных на сайтах дзяржорганаў і арганізацый, рубрыках “пытанне-адказ” і г.д.

Камітэт дзяржкантролю з’яўляецца адным з дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і на яго распаўсюджваюцца агульныя патрабаванні па разглядзе электронных зваротаў у адпаведнасці з заканадаўствам.

Непасрэдна парадак разгляду электронных зваротаў рэгулюецца артыкулам 25 Закона. У прыватнасці, у пункце 3 артыкула 25 пералічаны патрабаванні да зместу электронных зваротаў, якія могуць падавацца як на беларускай, так і рускай мовах і павінны змяшчаць:

для юрыдычных асоб - назву і (або) адрас арганізацыі альбо пасаду асобы, якой накіроўваецца зварот; выкладанне сутнасці звароту; прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка або асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць звароты; адрас электроннай пошты юрыдычнай асобы-заяўніка;

для фізічных асоб - прозвішча, імя, імя па бацьку або ініцыялы грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання) і (або) месца працы (вучобы); выкладанне сутнасці звароту; адрас электроннай пошты грамадзяніна.

Пры гэтым няма неабходнасці сведчыць электронны зварот электронным лічбавым подпісам.

У адпаведнасці з абзацам другім пункта 1 артыкула 15 Закона адсутнасць вышэйназваных звестак з’яўляецца падставай для пакідання электроннага звароту без разгляду па сутнасці.

Адказы на электронны зварот або апавяшчэнне заяўнікаў (аб пакіданні іх звароту без разгляду па сутнасці; аб накіраванні іх звароту арганізацыям у адпаведнасці з іх кампетэнцыяй; аб спыненні перапіскі; аб працягу тэрміну разгляду зваротаў) накіроўваюцца на электронны адрас заяўніка, названы ў электронным звароце. Разам з тым ёсць выключэнні з агульнага правіла. Так, у шэрагу выпадкаў на электронны зварот можа быць дадзены пісьмовы адказ: калі заяўнік у сваім электронным звароце просіць накіраваць пісьмовы адказ; калі ў электронным звароце адсутнічае адрас электроннай пошты; калі такое рашэнне прымае кіраўнік дзяржоргана або іншай дзяржаўнай арганізацыі, які разглядае электронны зварот, або ўпаўнаважаная iм асоба. Адказ павінен быць дадзены на мове звароту - беларускай ці рускай.