



Главная
>
Пресс-центр
> Публикации о КГК
Пресс-центр
Публикации о КГК
08.06.2018
Умовы для самарэалізацыі будуць створаны кожнаму абітурыенту
Больш як 160 работнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю будуць задзейнічаны ва ўсіх этапах прыёмнай кампаніі: ад правядзення ЦТ, унутрыўніверсітэцкіх іспытаў да падачы дакументаў і залічэння. Напярэдадні старту цэнтралізаванага тэсціравання ў сценах КДК адбылося пасяджэнне Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Яе асноўнай задачай з'яўляецца стварэнне для ўсіх абітурыентаў роўных магчымасцяў пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
— У нашай краіне створана і эфектыўна рэалізуецца цэласная сістэма арганізацыі ўступнай кампаніі і кантролю за правядзеннем уступных іспытаў, — падкрэсліў старшыня КДК Леанід АНФІМАЎ. — Разам з выкананнем задач па прадухіленні парушэнняў падчас уступных выпрабаванняў членамі дзяржкамісіі будуць аб'ектыўна і аператыўна разгледжаны ўсе звароты абітурыентаў і іх бацькоў.
У цэнтральным апараце Камітэта дзяржкантролю і нашых абласных камітэтах арганізавана работа гарачай лініі, таксама будзе весціся асабісты прыём абітурыентаў і іх бацькоў. Ад таго, наколькі аб'ектыўна і справядліва будуць вырашаны ўсе спрэчныя пытанні — а, зыходзячы з вопыту папярэдніх гадоў, без іх, хутчэй за ўсё, не абыдзецца, — залежыць упэўненасць і маладога пакалення, і іх бацькоў у тым, што дзяржава стварае для кожнага грамадзяніна роўныя ўмовы для яго самарэалізацыі.
— Любы зварот абітурыентаў і іх бацькоў, адрасаваны членам дзяржкамісіі як паўнамоцным прадстаўнікам Прэзідэнта краіны, павінен быць аператыўна і аб'ектыўна разгледжаны: без валакіты і адфутбольвання, — папярэджвае старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО. — Нельга дапускаць канфліктных сітуацый. Усё павінна праходзіць у добразычлівай атмасферы, а ўсе адказы павінны быць аргументаваныя. Несумненна, вынікі ўступнай кампаніі маюць важнае сацыяльнае значэнне, паколькі закранаюць інтарэсы многіх: абітурыентаў, іх бацькоў і сваякоў, настаўнікаў і выкладчыкаў. Упэўнены, што работа дзяржкамісіі ў цесным кантакце з КДК і Міністэрствам адукацыі спрыяе стварэнню адкрытага, празрыстага і дэмакратычнага механізма фарміравання студэнцкай аўдыторыі. На працягу апошніх сямі гадоў у краіне не было выяўлена фактаў карупцыі пры паступленні абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мы пераканаліся, што ўсе ўстановы адукацыі і камісіі, якія ажыццяўляюць кантроль, гатовыя да уступнай кампаніі і разумеюць задачы, якія перад намі стаяць.
Васіль Жарко адзначыў правядзенне вялікай падрыхтоўчай работы, якая таксама была арыентавана на забеспячэнне роўных умоў для ўсіх абітурыентаў, у прыватнасці, па карэкціроўцы зместу тэстаў: «Мы стварылі рабочую групу з настаўнікаў пераважна агульнаадукацыйных школ (гімназій было вельмі мала), задачай якіх было зрабіць так, каб змест тэстаў адпавядаў праграме звычайнай сярэдняй школы, а не гімназіі. Такім чынам мы ствараем роўныя ўмовы і для выпускніка звычайнай сельскай школы, і для выпускніка славутага ліцэя. Да таго ж сёлета ўпершыню ва ўсіх абітурыентаў, незалежна ад месца іх пражывання (у горадзе або ў сельскай мясцовасці), была магчымасць прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне бясплатна. Гэта стала магчымым дзякуючы дыстанцыйнаму рэпетыцыйнаму тэсціраванню, якое любы ахвотны мог здаць не выходзячы з дому.
Магчымасць здачы чатырох тэстаў замест трох, на думку Васілія Жарко, таксама ідзе абітурыентам на карысць, паколькі не абмяжоўвае іх выбар нейкай адной спецыяльнасцю і павялічвае шанцы не застацца па-за бортам. Між іншым, 48 працэнтаў абітурыентаў зарэгістраваліся сёлета на чатыры тэсты, а дзве мовы (і рускую, і беларускую) будуць здаваць 14 працэнтаў ад агульнай колькасці. Што датычыцца рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне, то колькасць тых, хто пажадаў здаваць ЦТ, зменшылася сёлета амаль на 10 тысяч у параўнанні з папярэднім годам. Ці азначае гэта, што змяншаецца і канкурэнцыя на ўваходзе ў ВНУ?
Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА нагадаў, што з гэтага года ўступае ў дзеянне норма, якая дазваляе абітурыентам скарыстацца леташнімі сертыфікатамі. І не выключана, што знойдуцца тыя, хто гэтым правам скарыстаецца. Але варта памятаць, што прахадныя балы па першым профільным прадмеце павысіліся сёлета на пяць пунктаў. Што да кантрольных лічбаў прыёму ў ВНУ, то яны сёлета зменшыліся. Так, прыём на дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ будзе скарочаны на 1,8 %, а на завочную бюджэтную — на 8 %. Кантрольныя лічбы прыёму на платную форму навучання ў ВНУ зменшыліся на 19,1 % у параўнанні з 2017 годам. На ўсе формы навучання (і бюджэтную, і платную) плануецца прыняць 54,4 тысячы чалавек.
Ігар Карпенка праінфармаваў, што зараз вядзецца падрыхтоўка новай рэдакцыі Правілаў прыёму для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая распрацоўвалася з улікам прапаноў членаў дзяржкамісіі. «Усе заўвагі, што паступяць ад дзяржкамісіі па выніках сёлетняй прыёмнай кампаніі, мы таксама гатовы ўлічыць», — паабяцаў міністр.
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК паведаміў, што ўжо падчас ЦТ 2018 года будзе праведзена апрабацыя новай методыкі ацэньвання вынікаў ЦТ.
Цяпер для гэтых мэт выкарыстоўваецца працэнтная шкала размеркавання мадыфікаваных першасных балаў. Пасля таго, як правераны ўсе работы ўдзельнікаў ЦТ, разлічваецца вагавы каэфіцыент складанасці кожнага задання ў залежнасці ад таго, колькі працэнтаў абітурыентаў з ім справілася, і затым кожнаму абітурыенту налічваецца яго выніковы тэставы бал, які залежыць як ад колькасці правільна выкананых заданняў, так і ад іх складанасці. Пры новым падыходзе ў спецыфікацыі для кожнага задання, якое мае розны фармат і розны ўзровень складанасці, адразу прадугледжаны свой першасны бал.
«Магчыма, з наступнага года мы пачнём прымяняць новую сістэму падліку балаў, але пакуль збіраемся яе толькі апрабаваць, і яна ніяк не паўплывае на вынікі абітурыентаў 2018 года, — запэўніў міністр адукацыі. — Ацэнка іх вынікаў ЦТ пакуль будзе весціся па ранейшай метадалогіі».
Видео
Фотогалерея
Новости / Анонсы
Публикации о КГК
© Комитет государственного контроля Республики Беларусь, 2011-2022 г.
