



Главная
>
Пресс-центр
> Публикации о КГК
Пресс-центр
Публикации о КГК
12.08.2021
На рынак — з праверкай
Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці разам з супрацоўнікамі фінансавай міліцыі і іншых кантралюючых (наглядных) органаў комплексна вывучаны пытанні функцыянавання рынкаў. Многія патэнцыяльныя пакупнікі ходзяць туды ў надзеі купіць якасны тавар па параўнальна нізкай цане. Асабліва калі гэта датычыцца сельскагаспадарчай прадукцыі. Што ж насамрэч адбываецца на базарах, як называюць такія гандлёвыя лакацыі ў народзе?
Негаспадарскі падыход
У Падзвінні 42 рынкі і міні-рынкі, на якіх больш за 7,7 тысячы гандлёвых месцаў. У тым ліку прыблізна 1,7 тысячы — па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. Прадаўцам уласнай сельгаспрадукцыі на шаснаццаці рынках выдзяляюць 132 месцы бясплатна.
— Маніторынг правялі на чатырох найбольш буйных рынках у Віцебску, Полацку і Оршы. У цэнтры ўвагі была магчымасць продажу прадукцыі ўласнай вытворчасці. Высветлілася, што значная колькасць месцаў для адпаведнага гандлю пустуе. Напрыклад, на «Смаленскім рынку» ў Віцебску незапатрабаваная прыкладна чвэрць ад агульнай колькасці спецыяльных месцаў, на Аршанскім рынку — 23 %, у Полацку — 58 %, — удакладніў Алег Кундзелеў, начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.
Выяўлены парушэнні заканадаўства аб гандлі і цэнах, санітарна-эпідэміялагічных нормаў і правілаў, факты рэалізацыі прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць яе набыццё. Зарэгістраваны факты выплаты прадаўцам заработнай платы ў канвертах, незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Вызначылі і недахопы ў арганізацыі работы з боку адміністрацый рынкаў па падтрыманні парадку на тэрыторыі і гандлёвых месцах. Нездавальняючая сітуацыя на віцебскім «Смаленскім рынку», дзе адсутнічае дакладнае заніраванне месцаў, вызначаных для продажу сельгаспрадукцыі. Яны размешчаны на тэрыторыі разрознена і нязручна для наведвальнікаў. Як вынік, асноўная колькасць грамадзян вядзе гандаль гароднінай, саджанцамі, расадай, ягадамі па-за тэрыторыяй рынку: на аўтастаянцы і на тратуары. Там вельмі зручна гандляваць, бо шмат людзей прыязджае на рынак на аўто, побач вуліца, дзе таксама шматлюдна. Ды і плаціць за права продажу не трэба. Каб тут не ствараўся хаос, аб неабходнасці аператыўнага вырашэння праблемы праінфармаваныя Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам.
Якасць і законнасць
— Таксама ўстанавілі, што не вызначаны аднолькавыя падыходы па прадастаўленні грамадзянам, якія гандлююць сельгаспрадукцыяй уласнай вытворчасці, ільгот па аплаце гандлёвых месцаў. Напрыклад, на рынку ў Оршы прадугледжана зніжэнне ў два разы стаўкі па арэнднай плаце для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб. Таксама на дадзеным рынку дваццаць месцаў выдзяляецца грамадзянам бясплатна. Пры гэтым на рынках Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства ў Віцебску і Полацку адпаведных ільгот па аплаце няма, — працягвае Алег Кундзелеў.
Супрацоўнікамі органаў фінансавых расследаванняў на рынках у Полацку і Оршы выкрытыя факты прыцягнення трыма індывідуальнымі прадпрымальнікамі да гандлю чатырох грамадзян без афармлення працоўных адносін. Аплата працы грамадзян адбывалася без утрымання і пералічэння ў бюджэт падаходнага падатку і без выплаты ўзносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
На рынках у Віцебску і Оршы ў некаторых месцах продажу адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле тлумачэння прадаўцоў, прадукцыя, якая рэалізоўваецца, набывалася імі за наяўны разлік на аптовых рынках Мінска без дакументаў.
На тэрыторыі, прылеглай да «Смаленскага рынку» ў Віцебску, выяўлены факт правядзення грамадзянкай незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці па рэалізацыі каля 120 карэкцыйных акуляраў на суму 610 рублёў. Там жа выяўлена рэалізацыя прадукцыі індывідуальным прадпрымальнікам, чый прававы статус з 2017 года несапраўдны з-за знаходжання ў стадыі ліквідацыі. Аднак нягледзячы на існуючую забарону на здзяйсненне здзелак, не звязаных з ліквідацыяй, прадпрымальнік вяла гандаль акулярамі. Пры гэтым адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавараў і іх якасць.
Паўсюдна выяўлены парушэнні санітарных нормаў, якія датычацца ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, наяўнасці дакументаў па якасці і бяспецы тавараў, якія рэалізоўваюцца, неабходнай маркіроўкі на таварах.
У дачыненні да парушальнікаў распачаты адміністрацыйныя працэсы, на тавар накладзены арышт.
Вагі не павяралі!
У некаторых прадаўцоў на «Смаленскім рынку» выяўлены парушэнні заканадаўства аб цэнах. Напрыклад, адным з прыватных прадпрыемстваў гандлёвыя надбаўкі на вараныя каўбасныя вырабы былі перавышаныя ад 4 да 25 працэнтаў. Той жа прадавец неабгрунтавана павысіў рознічныя цэны на дадзеную прадукцыю ў маі на 8,9 %, тады як дапушчальна павялічваць цэны толькі на 0,2 % у месяц.
Аналагічныя парушэнні выяўлены яшчэ ў трох індывідуальных прадпрымальнікаў, якія неабгрунтавана завышалі цэны на каўбасныя, мясныя вырабы і гародніну. Вінаватыя прыцягнутыя галоўным упраўленнем Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па вобласці да адміністрацыйнай адказнасці.
Шматлікія парушэнні, у тым ліку абароны правоў спажыўцоў, у першым паўгоддзі выяўлены на рынках цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі больш чым у палове правераных аб'ектаў гандлю. Па ўсіх фактах забяспечана прыняцце мер па спыненні парушэнняў. Вынесены трыццаць патрабаванняў аб забароне рэалізацыі прадукцыі і дзве прапановы аб прыпыненні дзейнасці аб'ектаў. Вінаватых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
Супрацоўнікамі Дзяржстандарта на рынках традыцыйна выяўляецца вялікая колькасць выпадкаў, калі вагі не павяраюць (павяраць — вызначаць дакладнасць іх работы): толькі за шэсць месяцаў бягучага года — больш за трыццаць такіх фактаў. Безумоўна, на такіх «прыборах» можна абважваць спажыўцоў.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў Віцебскаму аблвыканкаму, раённым і гарадскім выканкамам прапанавана прыняць дадатковыя меры па стварэнні ўмоў для рэалізацыі прадукцыі на рынках з захаваннем інтарэсаў прадаўцоў. Неабходныя адзіны падыход да льгот, вызначэнне зручных зон рэалізацыі і гэтак далей.
Видео
Фотогалерея
Новости / Анонсы
Публикации о КГК
© Комитет государственного контроля Республики Беларусь, 2011-2022 г.
