
У Камітэце дзяржаўнага кантролю канстатуюць, што сёлета жыхары Віцебшчыны меней звяртаюцца ў гэтае ведамства па дапамогу. У прыватнасці, сёлета за паўгода колькасць зваротаў грамадзян з паўночнага рэгіёну ў цэнтральны апарат камітэта скарацілася прыблізна на 37 працэнтаў у параўнанні з леташнім аналагічным перыядам.
Большасць тыповых зваротаў па жыллёва-камунальных, зямельных пытаннях.
Напрыклад, у канцы мінулага года жыхарка Віцебска паскардзілася на тое, што не вырашаецца праблема падтаплення яе прыватнага дома. Былі прыняты неабходныя меры. І вось сёлета ў чэрвені правялі паўторнае абследаванне домаўладання. Падтаплення больш няма, водаадводная канава знаходзіцца ў спраўным стане.
У красавіку ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці звярнуліся па дапамогу жыхары дзвюх вёсак Лёзненскага раёна. Яны узнялі пытанне прывядзення ў нармальны стан дарогі да грамадскіх могілак у вёсцы Целяшы. Раней гэтыя людзі звярталіся з праблемай у Лёзненскі сельскі выканаўчы камітэт. Ды там спаслаліся на тое, што ўчастак палявой дарогі ад вёскі Бычкова да могілак не ўнесены ў адпаведны рэестр аўтадарог. А зямля, па якой пралягае гэты ўчастак дарогі, знаходзіцца на тэрыторыі гаспадаркі "Кляўцы" і дзяржаўнага ляснога фонду. Таму было адмоўлена ў рашэнні праблемнага пытання. Пасля таго, як праблема была ўзятая Камітэтам пад кантроль, правялі неабходныя дарожныя работы. За недастатковае вывучэнне праблемы старшыні сельвыканкама аб'явілі вымову.