Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Вынікі працы "гарачай" лініі Камітэта дзяржкантролю па пытаннях дзейнасці аператараў паштовай сувязі

25.07.2023
Вынікі працы "гарачай" лініі Камітэта дзяржкантролю па пытаннях дзейнасці аператараў паштовай сувязі
У ліпені б.г. у Камітэце дзяржкантролю праведзена "гарачая" лінія па пытаннях дзейнасці аператараў паштовай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь. За некалькі дзён на кароткі нумар 191 паступіла больш за 30 паведамленняў з усёй краіны.

Частка пытанняў, якія паступілі, была звязана з невыкананнем рэжыму работы аб'ектаў паштовай сувязі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Так, падчас "гарачай" лініі паступіла інфармацыя, што з 01.06.2023 у в.Куты Гомельскай вобласці перасовачны пункт паштовай сувязі штодня прыязджае без захавання графіка, а ў аг. Зяньковічы Мінскай вобласці каля двух тыдняў было закрыта паштовае аддзяленне ў сувязі з хваробай работніка.

Яшчэ адна вострая тэма, асабліва для пажылых грамадзян і маламабільных груп насельніцтва - закрыццё сеткі паштовых аддзяленняў. Напрыклад, жыхары г.Гродна паведамілі аб закрыцці з 28.06.2023 паштовага аддзялення па вул. Урублеўскага, а жыхары г.Віцебска выказалі занепакоенасць закрыццём паштовага аддзялення, якое мае месца ў густанаселеным раёне горада.

Таксама грамадзян хвалявала пытанне невыканання гранічных тэрмінаў дастаўкі адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак, перыядычных друкаваных выданняў. Так, прэтэнзіі звязаны з зацягваннем тэрмінаў дастаўкі паштовых адпраўленняў унутры рэспублікі да 10 дзён, тады як у адпаведнасці з правіламі аказання паслуг паштовай сувязі агульнага карыстання тэрмін перасылкі простых лістоў і бандэроляў паміж абласнымі цэнтрамі складае 2 дні (плюс дзень адпраўкі).

Таксама ў Камітэт дзяржкантролю паступіла скарга на адсутнасць у паштовым аддзяленні г. Мінска безбар'ернага асяроддзя. Жыхарка сталіцы - пенсіянерка паведаміла, што паштовае аддзяленне па вул.Прытыцкага, 56 размешчана на ўзроўні трэцяга паверха адміністрацыйнага будынка. Адзіны спосаб дабрацца да аддзялення - лесвіца, якая не абсталяваная поручнямі, ліфт таксама адсутнічае.

Па выніках "гарачай" лініі Міністэрству сувязі і інфарматызацыі (рэгулятару паштовых паслуг) унесены прапановы па вырашэнні праблем грамадзян, устараненню недахопаў у рабоце РУП "Белпошта", павышэнні якасці паслуг паштовай сувязі. Рэалізацыя гэтых прапаноў знаходзіцца на кантролі ў КДК. 
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.