Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

У Камітэт дзяржкантролю на «гарачыя лініі» па праблемах функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі паступіла 70 зваротаў

26.12.2019
У Камітэт дзяржкантролю на «гарачыя лініі» па праблемах функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі паступіла 70 зваротаў
У Камітэт дзяржаўнага кантролю на «гарачыя лініі» па пытаннях функцыянавання школ паступіла 70 зваротаў, з іх 49 - наконт бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
У Гродзенскай вобласці паступіла 11 зваротаў па пытаннях забеспячэння адпаведных дзяржаўным стандартам умоў знаходжання дзяцей у школах, у Брэсцкай вобласці і г. Мінску - па 10, у Мінскай вобласці - 7, у Віцебскай і Магілёўскай абласцях - па 5, у Гомельскай вобласці - 1.

У зваротах падымаліся пытанні захавання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў; стану спартыўных пляцовак, фасадаў, тратуараў, адмосткаў і іншых канструкцый і элементаў будынкаў і збудаванняў; харчавання дзяцей; захавання тэмпературнага рэжыму; тэхнікі бяспекі ў майстэрнях; асвятлення тэрыторыі школ; арганізацыі бяспечнага дарожнага руху ля ўстаноў адукацыі і г.д.

Усе факты, агучаныя ў зваротах, былі вывучаны дзяржкантралёрамi. Асобныя праблемы ўжо вырашаны (у прыватнасці, арганізаваны падвоз дзяцей у ДУА «Індурская сярэдняя школа», прыняты дадатковыя меры па рэгуляванні пешаходнага руху каля школ і інш.). Некаторыя звароты былі разгледжаны падчас правядзення абследаванняў школ. Усе пытанні, якія паступілі, знаходзяцца на кантролі.

«Гарачыя лініі» былі арганізаваны ў Камітэтах дзяржкантролю абласцей і г. Мінска. Паведаміць пра недахопы ў арганізацыі бяспечнага знаходжання школьнікаў можна было з 20 лістапада да 16 снежня.

У лістападзе 2019 года створана міжведамасная рабочая група, а таксама рабочыя групы ў рэгіёнах рэспублікі, у склад якіх уключаны прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Мінадукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Мінжылкамгаса, МУС, МПЗ, Дзяржстандарту і іх тэрытарыяльных падраздзяленняў. Яны праводзілі праверкі па пытаннях, звязаных з забеспячэннем адпаведных дзяржаўным стандартам умоў знаходжання дзяцей у школах. 
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.