Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

На Дні адчыненых дзвярэй у БДУ прадстаўлена новая спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт»

01.04.2023
На Дні адчыненых дзвярэй у БДУ прадстаўлена новая спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт»
Па ініцыятыве Камітэта дзяржаўнага кантролю з новага навучальнага года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрыецца новая спецыяльнасць "дзяржаўны аўдыт".

Падрыхтоўка па гэтым напрамку ў Беларусі будзе ажыццяўляцца ўпершыню і арыентавана на фінансава-эканамічную дзейнасць дзяржаўных устаноў і органаў дзяржаўнай улады. Выпускнікі змогуць працаваць у дзяржаўных структурах, буйных прадпрыемствах, аўдытарскіх кампаніях. Адкрыццю новай спецыяльнасці садзейнічала цеснае супрацоўніцтва Камітэта дзяржкантролю і эканамічнага факультэта БДУ.

«Мы бачым, якімі кампетэнцыямі павінен валодаць сучасны спецыяліст у галіне аўдыту. У першую чаргу, гэта міждысцыплінарныя навыкі: базавыя эканамічныя веды, аналітыка дадзеных, уменне праводзіць пафактарны аналіз, мадэляваць сітуацыі і сцэнары развіцця падзей», - адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК Юлія Аўхукова. – У сваю чаргу Камітэт дзяржкантролю плануе ўдзельнічаць у адукацыйным працэсе, каб падзяліцца ведамі і сваім вопытам».

Юлія Аўхукова дадала, што спецыялісты на новай спецыяльнасці будуць рыхтавацца не толькі для дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць кантрольную дзейнасць, але і для службаў унутранага аўдыту і ведамаснага кантролю дзяржаўных арганізацый.

Больш падрабязна аб новай спецыяльнасці, асаблівасцях падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дзяржаўнага аўдыту, магчымасцях наступнага працаўладкавання абітурыентам расказаў намеснік Старшыні Камітэта дзяржкантролю Андрэй Лабовіч. Асаблівую ўвагу ён удзяліў пытанням узаемадзеяння студэнтаў са спецыялістамі-практыкамі. Для актыўнага ўкаранення ў навучальны працэс элементаў практычнай дзейнасці студэнты змогуць размаўляць з работнікамі кантрольных органаў, праходзіць практыку ў такіх ведамствах, набірацца непасрэднага вопыту кантрольнай і аўдытарскай дзейнасці падчас вучобы. Андрэй Лабовіч дадаў, што ёсць дамоўленасць аб сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў па спецыяльнасці "дзяржаўны аўдыт" з Вышэйшай школай дзяржаўнага аўдыту Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, што дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў за кошт выкарыстання навуковага і адукацыйнага патэнцыялу дзвюх вядучых ВНУ.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Ганна Каралёва адзначыла, што новая спецыяльнасць будзе запатрабаваная і цікавая. «Сёння на Дні адчыненых дзвярэй прысутнічае вялікая колькасць абітурыентаў і па іх зацікаўленасці мы бачым, што спецыяльнасць «дзяржаўны аўдыт» будзе вельмі запатрабаваная. Кваліфікацыя, якая будзе прысвойвацца будучым выпускнікам гэтай спецыяльнасці - «Эканаміст. Спецыяліст па аўдыце». Па кваліфікацыі зразумела, што будучы выпускнік зможа працаваць, як эканамістам, так і спецыялістам у галіне аўдыту. У нас ужо ёсць вялікая колькасць заявак на працаўладкаванне выпускнікоў першага набору ад органаў дзяржаўнай улады, падатковых інспекцый і шмат іншых».  
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.