Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Кантрольнымі органамі Беларусі і Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2021 год

09.06.2022
Кантрольнымі органамі Беларусі і Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2021 год
На сумесным пасяджэнні калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расіі падведзены вынікі знешняй праверкі выканання бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2021 год і вынікі сумеснай праверкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Мерапрыемства прайшло 9 чэрвеня 2022 года ў фармаце відэаканферэнцыі пад старшынствам кіраўнікоў кантрольных ведамстваў Васіля Герасімава і Аляксея Кудрына. Вынікі праверкі паказалі, што фінансавая дысцыпліна пры выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы павышаецца. Такая дынаміка адзначаецца на працягу апошніх некалькіх гадоў. Разам з тым выяўлены асобныя недахопы і парушэнні. Так, па-ранейшаму, адзначаецца недастатковае засваенне бюджэтных сродкаў. У поўным аб'ёме сродкі выкарыстоўваў толькі кожны трэці галоўны распарадчык сродкаў бюджэту (10 з 29 галоўных распарадчыкаў). Кантрольнымі мерапрыемствамі ўстаноўлены факты парушэнняў пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, ажыццяўленні дзяржаўных закупак і іншыя. Выяўлен шэраг праблем. Напрыклад, знізілася колькасць праграм Саюзнай дзяржавы. У 2021 годзе іх рэалізоўвалася 9 (раней каля 12), прычым 6 з іх былі завершаны. Пры гэтым адзначаецца нізкая якасць падрыхтоўкі выніковых справаздач па выніках завершаных праграм, што можа зацягнуць выкананне мерапрыемстваў па ўкараненні атрыманых вынікаў. Так, толькі 1 выніковая справаздача з 6, накіраваных на ўзгадненне ў кантрольныя органы, адпавядае патрабаванням і рэкамендавана да разгляду Саветам Міністраў Саюзнай дзяржавы. Працэс распрацоўкі і зацвярджэння праграм Саюзнай дзяржавы забюракратызаваны - часовы перыяд з даты распрацоўкі канцэпцый праграм да даты зацвярджэння непасрэдна саміх праграм можа заняць больш за 5 гадоў. З 2021 года ў бюджэце не прадугледжваюцца расходы на фінансаванне праектаў Саюзнай дзяржавы, якія з’яўляюцца аптымальны фарматам у інтэграцыйным развіцці. Цяпер парадак распрацоўкі і рэалізацыі праектаў Саюзнай дзяржавы прадугледжвае рэалізацыю праектаў толькі ў сферы адукацыі і культуры. Неабходна пашырыць яго на іншыя сферы - спорт, ахову здароўя, абарону, сацыяльную палітыку, у тым ліку патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама інфармацыйнае развіццё і бяспеку. Кантрольныя органы таксама лічаць, што патрабуецца перафарматаванне існуючай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы, далейшае развіццё ўсіх яе кампанентаў шляхам стварэння сучаснага медыяхолдынга на аснове мультымедыйнага рэсурсу (тэлерадыёвяшчанне, інтэрнет-каналы) і друкаваных выданняў Саюзнай дзяржавы. Што датычыцца праверкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, то кантрольныя органы канстатавалі, што ў цэлым бакамі выканана Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб умовах заснавання і дзейнасці ўніверсітэта. Устаноўлены асобныя недахопы, якія датычацца ажыццяўлення фінансава-гаспадарчай дзейнасці ўніверсітэта.
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.