Эфектыўнасць работы па азеляненні тэрыторый разгледжана на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці
16.06.2022
На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці разгледжаны вынікі кантролю па пытаннях, якія тычацца азелянення і добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў і прыдарожных палос.
Калегіяй адзначана, што ў Віцебскай вобласці створаны абласны штаб па навядзенні парадку на зямлі і штогод рэалізуюцца мерапрыемствы па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый. Разам з тым устаноўлены пэўныя праблемы і недапрацоўкі.
Так, дзяржкантралёры сістэматычна выяўляюць тое, што за саджанцамі дрэў і кустоў няма належнага догляду, і што яны часта не прыжываюцца як на вуліцах населеных пунктаў, так і ўздоўж дарог.
Напрыклад, практычна кожны год у парку 1000-годдзя ў Віцебску высаджваюць саджанцы дрэў і кустоў, у тым ліку ўзамен загінуўшых. Аднак пры абследаванні гэтай тэрыторыі ў маі выяўлена больш за 100 засохлых аб'ектаў.
Таксама ў красавіку г.г. спецыялісты КДК Віцебскай вобласці выявілі нізкую прыжывальнасць елак, высаджаных вясной 2021 года ўздоўж дарогі Р-20 у Полацкім раёне: са 154 дрэў засталося толькі 22 жывыя дрэвы.
На пасяджэнні адзначана, што ў Віцебскай вобласці не наладжана сістэмная работа па прыцягненню жыхароў да добраўпарадкавання і азелянення сваіх двароў.
За суб'ектамі гаспадарання замацаваны тэрыторыі, якія яны павінны падтрымліваць у належным санітарным стане. Аднак падчас маніторынгаў на іх выяўляюцца шматлікія парушэнні і бязладзіца. Недастаткова добраўпарадкаваны некаторыя месцы агульнага карыстання - тут устаноўлены факты ўтварэння звалак смецця і зарастанне тэрыторыі баршчэўнікам Сасноўскага.
Па выніках пасяджэння калегіі выпрацаваны прапановы, накіраваныя на павышэнне якасці работы па азеляненні тэрыторый населеных пунктаў Віцебскай вобласці і прыдарожных палос, а таксама на ліквідацыю парушэнняў заканадаўства пры пасадцы зялёных насаджэнняў, іх уліку і кантролі за прыжывальнасцю.