Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Дзмітрый Баско прыняў удзел у пасяджэнні Добрушскага райвыканкама, правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян

24.01.2020
Дзмітрый Баско прыняў удзел у пасяджэнні Добрушскага райвыканкама, правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян
Намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзмітрый Баско ў ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць 24 студзеня 2020 года прыняў удзел у пасяджэнні Добрушскага раённага выканаўчага камітэта, правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян.

На пасяджэнні райвыканкама разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну і выканання ў Добрушскім раёне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады.

Дзмітрый Баско адзначыў, што ў ходзе абмеркавання гэтых пытанняў неабходна перайсці ад канстатацыі дасягнутых паказчыкаў да праблем у эканоміцы і сацыяльнай сферы і пошуку шляхоў іх вырашэння. Асаблівы акцэнт быў зроблены на фінансавым становішчы горадаўтваральных прамысловых прадпрыемстваў Добрушскага раёна, сітуацыі ў жывёлагадоўчай галіне, падзенні аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі, таварным забеспячэнні гандлёвых аб'ектаў спажыўкааперацыі, а таксама на пытаннях занятасці, працы і заработнай платы.

На прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём да намесніка кіраўніка кантрольнага ведамства звярнуліся не толькі жыхары Добрушскага раёна, але і г. Гомеля. Тэматыка зваротаў тычылася працаўладкавання, экалогіі, аздараўлення, гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, платы за спажытую электраэнергію і інш.

Так, жыхар г. Добруша выказаў занепакоенасць наконт пантоннага моста праз раку Іпуць, які, па яго словах, «прагнуўся» пасля водапаніжэння. КУП «Добрушскі камунальнік» даручана прывесці мост у належны стан.

Жыхарка Кругаўца-Калініна звярнулася па пытанні транспартнага абслугоўвання. Яна патлумачыла, што пяць дзён у тыдзень у аграгарадок прыязджае маршрутка, а ў выхадныя і святочныя дні ў населены пункт з тысячным насельніцтвам няма ніводнага рэйса. Дзмітрый Баско даручыў мясцовым уладам разабрацца ў сітуацыі, якая склалася.

Усе пытанні, агучаныя грамадзянамі, ўзяты на кантроль. 
© Камітэт дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь, 2024.