Комитет государственного контроля Республики Беларусь
Прэс-цэнтр

Навіны

07.04.2020 Камітэт дзяржкантролю асаблівую ўвагу надасць наяўнасці ў аптэках медыцынскіх масак і сродкаў дэзінфекцыі і іх кошту
7 красавiка ў Камітэце дзяржаўнага кантролю адбылося пасяджэнне калегіі кантрольнага ведамства, падчас якога разгледжана бягучая сітуацыя па забеспячэннi насельніцтва сродкамі аховы, якія карыстаюцца павышаным попытам, а таксама на спажывецкім рынку. 

Пасяджэнне прайшло пад старшынствам кіраўніка КДК Леаніда Анфімава. На мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі аптовых гандлёвых арганізацый, рытэйлераў, дзяржаўных органаў, адказных за выпуск медыцынскіх сродкаў аховы. 

Леанід Анфімаў агучыў вынікі праведзенага Камітэтам дзяржкантролю маніторынгу наяўнасці ў аптэчнай сетцы рэгіёнаў рэспублікі і г.Мінска сродкаў індывідуальнай аховы (маскі, рэспіратары), антысептыкаў і асобных лекавых сродкаў (парацэтамол). Была вывучана сітуацыя ў 130 аптэках па ўсёй рэспубліцы. Медыцынскія маскі (рэспіратары) меліся толькі ў 33 аптэках (25%), антысептыкі на спіртавой аснове - у 35 (27%), парацэтамол - у 15 (11%). 

Пры гэтым значныя прэтэнзіі маюцца да канцэрнаў «Беллегпрам» і «Белдзяржхарчпрам», прадпрыемствамі якiх не забяспечана патрэбнасць насельніцтва ў масках і іншых сродках аховы. Таксама ўстаноўлены факты рэалізацыі па завышаных цэнах прадукцыі, якая карыстаецца павышаным попытам, закупленай праз неабгрунтаваных пасрэднікаў. 

Так, у мінскай аптэцы па цане 24,96 руб. прадаваўся айчынны сродак для дэзінфекцыі рук, якi аптэка набыла праз ланцужок з 3 нядобрасумленных пасярэднікаў. У выніку кошт сродка ў параўнанні з цаной завода-вытворцы павялічылся больш чым у 3 разы. У г.Бабруйску ў продажы быў антысептычны гель для рук коштам 22,97 рубля за флакон (850 г) - амаль у 4 разы даражэй, чым яго купіў мінскі пасярэднік у мясцовага завода-вытворцы. 

У ходзе вывучэння сітуацыі на спажывецкім рынку ўстаноўлена, што адпускныя кошты на асобныя віды прадукцыі павялічылі як імпарцёры, так і айчынныя вытворцы. Пры гэтым адзначаецца недастатковая роль Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю у кантролі за сітуацыяй на спажывецкім рынку. 

У гандлёвай сетцы выяўлены факты невыканання рэкамендаваных гранічных гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары айчыннай вытворчасці. 

Так, у г. Магілёве 30.03.2020 у продажы знаходзiўся алей айчыннай вытворчасці з усталяванай гандлёвай надбаўкай да цаны вытворцы больш за 40% замест рэкамендаванай 20%. Аналагічныя факты ўстаноўлены ў гандлёвых аб'ектах па ўсёй рэспубліцы. 

Па выніках калегіі КДК прапанавана: 

канцэрнам «Беллегпрам» і «Белдзяржхарчпрам» - у самыя кароткія тэрміны забяспечыць выпуск медыцынскіх масак і сродкаў аховы (антысептыкаў) у неабходнай насельніцтву колькасці; 

Мінсельгасхарчу, канцэрнам "Белдзяржхарчпрам" і "Беллегпрам", аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму - неадкладна прыняць меры па недапушчэнні росту адпускных цэн на вырабленыя падведамнымі прадпрыемствамі тавары павышанага попыту. 

Камітэт дзяржкантролю працягне кантроль за сітуацыяй на спажывецкім рынку. Асаблівая ўвага будзе нададзена наяўнасці ў аптэчнай сетцы сродкаў аховы, якія карыстаюцца павышаным попытам ў грамадзян.  
© Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, 2011-2020 г.
Дызайн і распрацоўка: БЕЛТА
Распрацоўка версій сайта:
Група кампаній «ЦВР «Кастрычніцкі»